ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНА вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,

вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.

т. 7, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)